ДЗЕ́ЙНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ, эфектыўнае значэнне,
сярэднеквадратычнае за перыяд значэнне перыядычнай эл. велічыні (сілы току, напружання і інш.). Напр., Дз.з. сілы пераменнага току вызначаецца цеплавым дзеяннем току (Джоўля—Ленца закон захоўвае свой від, калі пад сілай пераменнага току разумеюць яго Дз.з.). Для велічынь, якія змяняюцца па сінусаідальным законе, Дз.з. ў √2 разоў меншае за амплітуду (найб. значэнне). У электратэхніцы Дз.з. напружання, электрарухальнай сілы і сілы току запісваюць без якіх-н. адзнак (усе амперметры і вальтметры вымяраюць Дз.з. току і напружання), напр., калі ў эл. сетцы напружанне 220 В, то менавіта 220 В — Дз.з. напружання, а яго амплітуднае значэнне (двойчы за перыяд) роўнае 220 √2 В.
т. 6, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)